«АПО́ВЕСЦЬ МІНУ́ЛЫХ ГАДО́Ў»,

«Повесть временных лет», помнік усх.-слав. летапісання, першы агульнарус. летапісны звод. Складзены на пач. 12 ст., відаць, манахам Кіева-Пячэрскага манастыра Нестарам на аснове больш ранніх крыніц. Збераглася ў розных летапісных зводах (Лаўрэнцьеўскі летапіс, Іпацьеўскі летапіс, Радзівілаўскі летапіс і інш.), у скарочанай рэдакцыі — у шматлікіх гіст. зборніках і хранаграфічных кампіляцыях. Асн. змест твора — паліт. гісторыя ўсх. славян, Кіеўскай дзяржавы, пададзеная на шырокім міжнар. фоне ў сувязі з гісторыяй суседніх краін і народаў. Ва ўступнай, недатаванай частцы, напісанай у форме гіст. аповесці пра далёкае мінулае. Расіі, гаворыцца пра паходжанне славян, рассяленне ўсх.-слав. плямёнаў, іх норавы і звычаі, пра ўзнікненне Кіева, першых кіеўскіх князёў. На аснове фальклорнай традыцыі апісваюцца падзеі 9—10 ст. (у т. л. паданне пра запрашэнне варагаў на Русь, якое лягло ў аснову т.зв. нарманскай тэорыі), намаляваны вобразы стараж.-рус. князёў Алега, Ігара, Святаслава, княгіні Вольгі. У датаванай частцы летапісу храналагічна ў пагадовай форме выкладзена гісторыя Русі ад першай звесткі, пазначанай 852, і да 1110 уключна, адлюстравана эпоха барацьбы ўсх. славян за сваю свабоду і незалежнасць. Значнае месца займаюць звесткі па гісторыі рус. царквы, пра хрышчэнне Русі. Крыніцамі для зводу паслужылі папярэднія кіеўскія і візант. летапісы, хронікі, жыціі і дакумент. матэрыялы, Біблія. Складальнік летапісу быў аўтарам шырокага кругагляду і вял. пісьменніцкага таленту. Багатая па змесце і арыгінальная па форме «Аповесць мінулых гадоў» — каштоўная крыніца пазнання жыцця продкаў рус., бел. і ўкр. народаў. Летапіс змяшчае унікальныя звесткі з гісторыі бел. зямель, асабліва Полацкага княства. Толькі ў «Аповесці...» расказваецца пра полацкага кн. 10 ст. Рагвалода і яго дачку Рагнеду. Выкладзена падрабязная гісторыя жыцця і дзейнасці кн. Усяслава Брачыславіча. У летапісе прыведзены самыя раннія звесткі пра Полацк, Віцебск, Мінск, Тураў, Пінск, Бярэсце, Друцк і інш. бел. гарады. У скарочаным выглядзе (запісы пра падзеі 854—1074) «Аповесць мінулых гадоў» увайшла ў Беларуска-літоўскі летапіс 1446.

Публ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 1—2. М., 1962.

Літ.:

Шахматов А.А. Разыскания о древнейших русских летописных сводах. Спб., 1908;

Яго ж. Повесть временных лет. Т. 1. Пг., 1916;

Лихачев Д.С. Русские летописи и их культурно-историческое значение. М.; Л., 1947.

В.А.Чамярыцкі.

т. 1, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)